БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік рус. архітэктуры. Засн. ў канцы 14 ст., пабудаваны ў 1-й пал. 16 ст. ў пас. Барысаглебск каля г. Растоў (Яраслаўская вобл.). Вакол цэнтр. прамавугольнай плошчы — сабор Барыса і Глеба (1522—24, прыпісваецца арх. Р.Барысаву), трапезная (з царквой Благавешчання; 1524—26, арх. Барысаў; перабудавана ў 17 ст.), келлі (16 ст.), званіца (1680). Манастыр абкружаны сценамі з 14 вежамі і 2 цэрквамі 17 ст. Прамавугольныя ў плане сцены з сіметрычна пастаўленымі брамамі і вежамі надаюць ансамблю рысы рэгулярнасці, а свабоднае размяшчэнне багатых пабудоў — жывапісны выгляд.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)